Ecma International

Ecma International (да 1994 года — ECMA) — некамерцыйная міжнародная арганізацыя, якая займаецца стандартызацыяй у галіне інфармацыйных тэхналогій, спажывецкай электронікі і тэлекамунікацый. Была заснавана ў 1961 годзе для стандартызацыі камп’ютарных сістэм у Еўропе пад назвай ECMA (скарочана ад англ.: European Computer Manufacturers Association — Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў камп’ютараў). Перайменаванне ECMA ў Ecma International адбылося ў 1994 годзе для адлюстравання глабальнай дзейнасці ў свеце.[1]

Ecma International актыўна спрыяла сусветнай стандартызацыі ў галіне інфармацыйных тэхналогій і тэлекамунікацый. Было апублікавана больш за 400 стандартаў Ecma і 100 тэхнічных справаздач, больш за 2⁄3 з якіх таксама былі прыняты ў якасці міжнародных стандартаў.

Спіс удзельнікаў Ecma International даступны на вэб-сайце.[2] Яго членамі з’яўляюцца IT-кампаніі, універсітэты, фонды і грамадскія ўстановы. Найбольш вядомыя з іх — Apple, Google, Huawei, IBM, Meta.

Арганізацыя ўдзельнічае на ўзроўні прадстаўніка ў працы тэхнічнага камітэту ISO ТК97 ад пачатку яго дзейнасці, а пасля ўваходжання ТК97 у аб’яднаны тэхнічны камітэт ISO і МЭК АТК1 (1987) — у працы АТК1, на ўзроўні прадстаўніка класу А.

  1. History - Ecma International (англ.). ecma-international.org.
  2. Members - Ecma International (англ.). ecma-international.org.

From Wikipedia, the free encyclopedia · View on Wikipedia

Developed by Tubidy